Историко-культурное наследие Свислочского района

ПОМНІКІ, УКЛЮЧАННЫЯ Ў ДЗЯРЖАЎНЫ СПІС ГІСТОРЫКА-КУЛЬТУРНЫХ КАШТОЎНАСЦЕЙ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

Будынак былой гімназіі, г.Свіслач

Помнік архітэктуры. Прамавугольны ў плане аднапавярховы будынак, накрыты двухсхільным дахам. Заходні тарцовы фасад аформлены каланадай дарычнага ордэра з атыкам. Два ўваходы на бакавым фасадзе завершаны ў выглядзе порцікаў з дзвюма парамі квадратных у сячэнні слупоў. Унутраная планіроўка і дэкор інтэр’ера не захаваліся. У цяперашні час тут размяшчаецца дзіцячае аддзяленне УАЗ “Свіслацкая цэнтральная раённая бальніца”

  

Брацкая магіла, г.Свіслач

У цэнтры г.Свіслач па вул. 17 Верасня знаходзіцца брацкая магіла. Па свайму тыпу належыць да помнікаў гісторыі. На магіле ўстаноўлены помнік – фігура салдата з карабінам ля трохграннай стэлы на пастаменце з мемарыяльнай дошкай. Выраблены з бетона, агароджаны металічнымі ланцугамі. Пахавана 398 воінаў 190-га стралковага палка 5-й стралковай дывізіі 3-й арміі 2-га Беларускага фронту, а таксама воіны 336-га стралковага палка і партызан, якія загінулі пры вызваленні пасёлка ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Сярод пахаваных - Герой Савецкага Саюза Мікалай Паўлавіч Масонаў.

Помнік К.Каліноўскаму, г.Свіслач

 

Гісторыка-культурная каштоўнасць, помнік гісторыі. Па вул. Леніна ў г.Свіслач у 1958 г. устаноўлены помнік Кастусю (Канстанціну Вікенцію Сямёнавічу) Каліноўскаму. Работа вядомага беларускага скульптара Заіра Азгура, бронза; вышыня бюста 1,05 м, пастамента 3 м.

Пагрудны бюст К.Каліноўскага пастаўлены на высокім пастаменце пірамідальнай формы. Стрыманы парыў, гордая незалежнасць, духоўная актыўнасць героя перададзены ў павароце галавы, смелым позірку, у рысах твару. Кампазіцыя бюста ажыўлена рухам рукі, якая трымаецца за штрыфель фрака. Стараная прапрацоўка форм, дэталей касцюма (фрак, шырокі гальштук) надае вобліку жыццёвую канкрэтнасць і верагоднасць.

Брацкая магіла, в.Ханявічы

У в.Ханявічы па вул.Школьная знаходзіцца брацкая магіла. Помнік гісторыі – скульптурная кампазіцыя "Воін і партызанка". Пахаваны 75 воінаў і адзін партызан, што загінулі ў ліпені 1944 г. у баях за вызваленне Свіслацкага раёна ад нямецка-фашыстскіх захопнікаў, а таксама мірныя жыхары вёскі, растраляныя ў 12.7.1941г. нямецка-фашысцкімі захопнікамі.

Фрагменты былой сядзібы Талочкаў, в.Вердамічы

Помнік архітэктуры, знаходзіцца у в.Вердамічы. Комплекс збудаваны ў XIX ст. на землях, набытых Юльянам Эдуардавічам Талочкам, упершыню маёнтак пазначаны як маёмасць Талочкаў у 1817 г. Будынак не захаваўся. У 1840 г. пры маёнтку заснаваны спиртзавод, які базіраваўся на старым бровары. У 1862 г. галоўны вытворчы будынак быў аднапавярховы, мураваны. У 1905 г. з паўночна-усходняга боку да старога будынка прыбудоўваецца двухпавярховая частка. Паўночна-ўсходні фасад спіртзавода з’яўляецца ўнікальным прыкладам прамысловай архітэктуры канца XIX – пачатку XX ст. Захаваўся ў паўразбураным стане.

Касцёл былога кляштара францысканцаў з фрагментамі агароджы, в.Грынявічы

 

Касцёл пабудаваны з цэглы пры кляштары францысканцаў. У 1832 г. перароблены пад праваслаўную царкву і перабудаваны. Храм трохнефавы, базілікальны, з бязвежавым фасадам і прамавугольнай апсідай. Накрыты пакатым (раней высокім) двухсхільным дахам. Крывалінейны галоўны фасад трох’ярусны, дэкарыраваны карнізнымі паячамі, спаранымі пілястрамі і завершаны фігурным франтонам. Дзверы галоўнага ўвахода з каванымі фігурнымі накладкамі.Інтэр’ер меў выцягнутую па падоўжнай восі кампазіцыю. Галоўны неф перакрыты цыліндрычным скляпеннем з люнетамі, бакавыя – плоскія з драўлянымі перакрыццямі. Над уваходам размяшчаны хоры. Сцены расчлянёны спаранымі пілястрамі і шырокім карнізным поясам. Захаваўся ў паўразбураным стане, зберагліся фрагменты мураванай агароджы і брама XVIIIст.

Міхайлаўскі касцёл: скульптура і дэкаратыўнае аздабленне інтэр’ера, звон з гравіраванымі рэльефамі, гп.Поразава

Помнік архітэктуры позняга класіцызму. Касцёл пабудаваны ў 1825 – 1828 гг. Прамавугольны ў плане будынак, накрыты двухсхільным дахам. Галоўны фасад завяршаны трохвугольным франтонам з галоўкай. Сцены складзены з часанага каменю. Пілястры на фасадах, прамавугольныя абрамленні аконных праёмаў, фрыз, карніз, франтон галоўнага фасада цагляныя, атынкаваныя, Інтэр’ер зальны, столь плоская, драўляная. Уздоўж заходняй сцяны – хоры. Разныя алтары, кафедра, паліхромная драўляная скульптура (XVIII ст.) – характэрныя ўзоры народнага манументальна-дэкаратыўнага мастацтва. У надбрамнай званіцы – звон з сюжэтнай гравіроўкай, адліты ў 1749г. У цяперашні час касцёл дзейнічае.

 

           

   

Яндекс.Метрика